Той, хто хоць раз тут паспрабаваў беляшы, шніцаль ці адбіўныя, іх смак не забудзе ніколі. Так, менавіта пералічаныя стравы, а таксама шматлікія іншыя мясныя і рыбныя гатуе на КХП Ларыса Анатольеўна.
Мая суразмоўца прыпамінае, што яшчэ з дзяцінства яе цягнула на кухню. У мамы навучылася рабіць пельмені і цэпеліны. У старэйшых класах, на вучэбна-вытворчым камбінаце, атрымала “корачкі” повара. Праўда, даволі працяглы час працавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку. А ў кастрычніку 1996 года ўладкавалася на працу ў сталовую КХП, якая толькі набірала абароты (адкрылася ў сакавіку 1994). Год была кухоннай рабочай, а пасля стала поварам.
Кажуць, што ежа рэагуе на любую эмоцыю чалавека. Дакладней, яна наталяецца энергетыкай таго чалавека, які яе гатуе. Мая суразмоўца згаджаецца з гэтай думкай і дадае: “Перад тым, як ісці на кухню, неабходна прывесці ў парадак свае думкі. Толькі з настроем працаваць, стравы з любоўю гатаваць! Тады ўсё атрымаецца”.
Ларыса Анатольеўна – аптымістка, яна не толькі стравамі сілкуе кліентаў, але і ўсмешкай. “Я вельмі люблю людзей, мне падабаецца стаяць на раздачы страў, мець зносіны з нашымі наведвальнікамі. Я ўдзячная лёсу, што тут працую. Адчуваю сябе на сваім месцы. Самае прыемнае ў рабоце – калі бачыш задаволеных кліентаў, усмешкі на іх тварах, чуеш падзяку. Тады хочацца яшчэ лепш гатаваць!” - усміхаецца Ларыса Кулеш.
Дома яе рабочы поварскі дзень прадаўжаецца. “Муж любіць мае катлеты і адбіўныя, а дзеці і ўнукі, калі прыязджаюць, просяць бліны і піцу. Так што традыцыя “да цешчы на бліны” ў нас існуе. Раней, калі мая мама жыла, муж ездзіў да яе на бліны, а мама да зяця – на лянівыя галубцы. Муж, дарэчы, таксама добра гатуе. На святы мы заўсёды разам накрываем на стол”.
Сталовая на камбінаце хлебапрадуктаў адкрылася па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Міхаіла Чуковіча. Кіраўнік выдатна разумеў: работнік будзе добра працаваць, калі будзе накормлены. Мінімум: першай, другой стравай і кампотам. У абед медыкі раяць абавязкова ўжываць гарачую ежу, не жыць усухамятку.
Узначаліла сталовую Зоя Пісарэнка, чалавек адказны, патрабавальны да сябе і людзей. “На першых парах гатавалі да 50 абедаў. Меню было небагатым. На кухні шчыравалі два повары і кухонны работнік, у буфеце – буфетчыца, - расказвае Зоя Іванаўна. - Цяпер у нас пяць повараў, два кухонныя работнікі і два буфетчыкі. У дзень мы гатуем да 150 абедаў і прыкладна столькі ж (на вываз) у гарачую пару жніва, крыху менш – у пасяўную. Гарачым харчаваннем забяспечваем работнікаў сельгасарганізацый. А ў нашай сталовай харчуюцца не толькі работнік КХП, але і ўсе жадаючыя. У меню кожны дзень – 2 супы, 4 салаты і па 4-5 страў з мяса. Стараемся не стаяць на месцы, асвойваем новыя стравы, многія самі ж і распрацоўваем”.
Мачанка з блінамі, дранікі з мясам, паджарка, шніцаль палескі, каўбаскі дамашнія, піцца “Экспромт”, пячэнне хатняе – Зоя Іванаўна называе стравы, якія карыстаюцца найбольшым попытам у наведвальнікаў, а я адчуваю, як глытаю слінкі. Відаць, на галодны страўнік гэты матэрыял чытаць не рэкамендуецца...